Беларусь і Узбекістан усебакова ўзаемадзейнічаюць у сферы атамнай энергетыкі. Ва Узбекістане ўжо пачалі рэалізацыю нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы, і краіна імкнецца актыўна выкарыстоўваць беларускі вопыт.
У інфармацыйным цэнтры АЭС Віктар Міхайлавіч Каранкевіч і генеральны дырэктар Беларускай АЭС Сяргей Бабовіч распавялі гасцям Беларусі пра асаблівасці праекта атамнай станцыі і рэалізаваных у ім тэхналагічных рашэннях, якія дазволілі зрабіць першую беларускую АЭС бяспечнай і эфектыўнай.
Намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу - начальнік вучэбна-трэніровачнага цэнтра АЭС Алег Жонаў прадставіў магчымасці поўнамаштабнага трэнажора блокавага пульта кіравання для практычнай падрыхтоўкі і адпрацоўкі дзеянняў аператыўнага персаналу.
У ходзе рабочай нарады намеснік генеральнага дырэктара - начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Беларускай АЭС Аляксандр Старынскі азнаёміў прадстаўнікоў Кабінета Міністраў Узбекістана з асноўнымі этапамі будаўніцтва вытворчай інфраструктуры і рэалізацыі праекта збудавання Беларускай АЭС. А падчас агляднай экскурсіі па вытворчай базе АЭС прадстаўнікі ўзбекскага боку самастойна ацанілі арганізацыю тэхналагічнага працэсу па забеспячэнні будаўніцтва АЭС.
Падчас візіту на БелАЭС Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Мароз і дырэктар агенцтва "Узатам" Азім Ахмедхаджаеў пагутарылі з журналістамі.
"Мэта Узбекістана - вывучыць беларускі вопыт і сумесна з беларускімі спецыялістамі пастарацца рэалізаваць максімальна якасны праект будаўніцтва АЭС ва Узбекістане, а таксама атамграда, які забяспечвае максімальна камфортныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы для пражывання будаўнікоў і будучых спецыялістаў атамнай станцыі. Думаю, што пасля вывучэння беларускага вопыту нашы работы значна паскорацца", - растлумачыў Азім Ахмедхаджаеў.
Па словах Дзяніса Мароза, Беларусь гатова дзяліцца вопытам і кампетэнцыямі, уключаючы стварэнне інфраструктуры, падрыхтоўку кадраў і асваенне новых тэхналогій. І зараз дэлегацыя спецыялістаў з Узбекістана вывучае інфраструктуру стварэння АЭС. Таксама міністр энергетыкі пазначыў перспектывы Беларускай атамнай электрастанцыі.
"У лістападзе мінулага года была прынята пастанова аб будаўніцтве трэцяга энэргаблока на пляцоўцы БелАЭС, і цяпер вядуцца перамовы з дзяржкарпарацыяй "Расатам". Чакаецца, што падпісанне дакумента адбудзецца найбліжэйшым часам", - адзначыў Дзяніс Мароз.
Завяршыўся візіт узбекскіх гасцей знаёмствам з сацыяльнай інфраструктурай горада Астраўца: шматфункцыянальным культурным цэнтрам, цэнтральнай раённай клінічнай бальніцай, спартыўна-аздараўленчым комплексам "Iмпульс", жылым фондам Беларускай АЭС.
Старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей Мядзвецкас падкрэсліў, што без годнай, сучаснай сацыяльнай інфраструктуры прыцягнуць на працу кваліфікаваных спецыялістаў не атрымаецца. Наведваючы Астравец, госці Беларусі на свае вочы ацанілі маштаб выкананых работ па ўзвядзенню горада энергетыкаў Беларускай АЭС і камфортныя ўмовы жыцця, створаныя для ўсіх жыхароў горада.